ТЫПО́ВАЙ ГРАБЕ́НЬЧАТА-Я́МКАВАЙ КЕРА́МІКІ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 2-й пал. 3-га тыс. да н.э. жылі на тэр. паўд.-ўсх. Прыбалтыкі і паўн. Беларусі. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам. Мела наземныя жытлы, што размяшчаліся па берагах азёр і невял. рэчак. Крамянёвыя вырабы — кароткія наканечнікі стрэл вербалістай або рамбічнай формы і коп’і з двухбаковай рэтушшу, а таксама нажы, скрабкі, разцы і інш. касцяныя і рагавыя прылады. Кераміка — вялікія з круглаватым донцам гаршкі з дамешкамі жарствы ў тоўстых і добра абпаленых сценках, арнаментаваныя гарыз. паясамі з глыбокіх круглых ямак і адбіткаў шыраказубага грэбеня, якія ўтваралі рамбічныя ўзоры. У канцы неаліту плямёны гэтай культуры змяшаліся з носьбітамі нарвенскай культуры. На тэр. Беларусі найб. значныя помнікі: Скема, паселішчы на р. Свольна, воз. Бярэшча.
М.М.Чарняўскі.
т. 16, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)